Рэсурсны цэнтр па музеязнаўству і краязнаўству Залескай сярэдняй школы
Незвычайныя матэрыялы метадычнага і дыдактычнага накірунку мінулых часоў можна адшукаць у наш час. Такія знаходкі з’яўляюцца не проста чарговымі гістарычнымі экспанатамі, а сапраўднымі метадычнымі і дыдактычнымі дапаможнікамі ў дзейнасці рэсурснага цэнтра, бо яны складаюць сапраўдную архіўную базу па методыцы стварэння даследчых прац у галіне адукацыі і выхавання.
Два матэрыялы, знойдзеныя за гэта лета ў Запруддзі і Залессі, паступілі ў фонды рэсурснага цэнтра. Гэта: метадычная распрацоўка выхаваўчага святочнага мерапрыемства для старшакласнікаў Залескай СШ па хіміі “Периодическому закону Д.И.Менделеева 100 лет”, 1969 года. Цудоўнай захаванасці рукапісны сцэнарны альбом, змест якога можна лічыць узорам метадычнай распрацоўкі пазакласнага занятка нават для сучаснай школы.



У в.Запруддзе адшуканы рукапісны альбом “Гісторыя Запрудскай школы”, які быў створаны настаўнікамі яшчэ ў пачатку 1970-х гг. Напісаны ён поўнасцю чарніламі, мастацка аформлены ўручную каляровымі алоўкамі. Альбом расказвае пра гісторыю існавання і дзейнасці Запрудскай базавай школы, пачынаючы з 1946 г. і па 1970 г. У альбоме змешчана шмат фотаздымкаў, якія расказваюць і пра настаўнікаў, і пра вучняў, пра дасягненні і перамогі школы. Адметна тое, што ў дадзенай рукапіснай працы змешчаны арыгіналы ўзнагарод школы – граматы і падзякі 1950-1960-х гг.
Дадзены экспанат змешчаны ў архіўным аддзеле рэсурснага цэнтра, дзе захоўваюцца матэрыялы і распрацоўкі зніклых школ Залескага сельсавета (Лучайская, Капыльшчынская, Запрудская базавыя школы). Гэта ўжо – гісторыя, гісторыя развіцця адукацыі на Залесчыне, архіўныя матэрыялы, якія будуць вывучацца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства”.