Ахова працы
Единый день профориентации
День открытых дверей
Форум лидеров «БРПО-БРСМ: преемственность поколений» 
Спасатели глазами детей
Живая память благодарных поколений
День памяти Хатынской трагедии
Нормативные правовые документы ... Читать далее...
27 марта 2025 года в Государственном учреждении образования "Глубокская районная гимназия" прошел единый день... Читать далее...
22 марта 2025 года в живописном уголке Глубоччины в д. Ивесь с целью совершенствования совместной деятельности и... Читать далее...
20 марта 2025 года учащаяся 8 класса Навойчик Эвелина приняла участие в церемонии награждения победителей и призеров... Читать далее...
В учреждении образования прошла акция по сбору советских монет для изготовления народного памятника героям Великой... Читать далее...
22 марта — скорбная дата в истории Беларуси — День памяти жертв Хатынской трагедии. Хатынь стала символом... Читать далее...

 

Найцяжэйшыя выпрабаванні чакалі насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З першых дзён нацысцкай акупацыі ў асабліва цяжкім становішчы аказаліся жыхары нашай краіны яўрэйскай нацыянальнасці. У дачыненні да беларускіх яўрэяў акупацыйныя ўлады адразу ж распачалі палітыку вострай дыскрымінацыі, якая ў хуткім часе змянілася палітыкай поўнага вынішчэння. Яскравым прыкладам падобнай палітыкі гітлераўцаў, на жаль, выступаюць падзеі, што мелі месца на Глыбоччыне. У канцы верасня 1941 года па загаду акружнога камісара Паўля Гахмана, якога можна назваць адным з непасрэдных кіраўнікоў генацыду насельніцтва Глыбоччыны, усе глыбоцкія яўрэі былі вымушаны перасяліцца ў гета. Мясцовыя яўрэі спадзяваліся на тое, што пакуль яны патрэбны немцам – іх не будуць чапаць, таму ўжо ў хуткім часе пасля стварэння гета тут была наладжана праца значнай колькасці майстэрань і невялікіх прамысловых прадпрыемстваў.

Але надзеям глыбачан-яўрэяў не было наканавана спраўдзіцца. З вясны 1942 года нацысцкае кіраўніцтва распачало планамернае вынішчэнне вязняў глыбоцкага гета. 25 сакавіка адбыўся першы масавы расстрэл – у лесе Барок на паўночным ускрайку горада загінулі 110 яўрэяў. 20 чэрвеня 1942 года ў Барку былі расстраляны ўжо 2500 нашых суайчыннікаў. Нарэшце, у жніўні 1943 года акупантамі было прынята рашэнне пра поўную ліквідацыю глыбоцкага гета разам з ўсімі яго вязнямі. На працягу 19-20 жніўня, нягледзячы на спробы супраціўлення, гета было поўнасцю знішчана, было забіта каля 4500 глыбачан-яўрэяў.

Генацыд беларускага насельніцтва яўрэйскай нацыянальнасці праводзіўся на ўсёй тэрыторыі Глыбоччыны. Так, у снежні 1941 года ва ўрочышчы Марусіна каля вёскі Празарокі акупантамі было расстраляна 420 яўрэяў. У чэрвені 1942 года гітлераўцамі было знішчана гета ў вёсцы Пліса: падчас яго ліквідацыі загінула 410 мясцовых яўрэяў.

З другой паловы 1942 года на Глыбоччыне пачала разгортвацца актыўная партызанская вайна. Імкнучыся падавіць патрыятычнае супраціўленне, нацысты пачалі практыкаваць карныя аперацыі, ахвярамі якіх станавіліся найперш мірныя жыхары – вяскоўцы, якіх немцы падазравалі ў сувязях з партызанамі. Вельмі цяжка назваць дакладную колькасць населеных пунктаў, поўнасцю або часткова спаленых карнікамі ў нашай мясцовасці. На дадзены момант на тэрыторыі раёна вядома каля 50 вёсак, якія моцна пацярпелі ў гады ваеннага ліхалецця. Сярод іх: Асінаўка, Бабруйшчына, Бабуліна, Бажкі, Баравое, Бараўцы, Барыкаўшчына, Бычкова, Вострава, Вуглы, Галінова, Галубічы, Гарані, Гарэлы Бор, Дзіўнікі, Зарубіна, Завулак Літоўскі, Завулак Рускі, Зябкі, Калечполле, Карнацкія, Кабыленкі, Краснае Поле, Крупені, Латыголь, Латышы, Лаўрынаўка, Леановічы, Мамаі, Мурзы, Надазер’е, Пестуны, Пліса, Псуя, Ракаўцы, Скрабатуны, Слабада (Псуеўскі с/с), Слабада (былы Старынкаўскі с/с), Слабодка, Счасніцкі Завулак, Узрэчча, Хралы, Хромаўшчына, Чашкі, Шо.

Аднак дадзены спіс нельга назваць канчатковым, бо вядомы і іншыя паселішчы нашага краю, жыхарам якіх давялося прыняць пакутніцкую смерць ад рук нацысцкіх катаў, як то, напрыклад, вёска Ліпава, дзе вясной 1944 года былі зажыва спалены 12 вяскоўцаў.

Яшчэ адна жахлівая трагедыя звязана з былой вёскай Шарагі (знаходзілася ў 3 км на паўднёвы-усход ад вёскі Празарокі). Не здолеўшы поўнасцю знішчыць партызанскія брыгады падчас карнай аперацыі “Веснавое свята”, нацысты вырашылі адыграцца на мірным насельніцтве. Людзей з так званых “партызанскіх” вёсак масава зганялі на бліжэйшыя чыгуначныя станцыі для адпраўкі ў Германію. Маладых і здаровых жыхароў вёсак Руднікі, Ражноўшчына, Целяшы, Рабчонкі, Лабецкія, Блудовікі, Смалеўшчына (тэрыторыя сучасных Глыбоцкага і Полацкага раёнаў) накіравалі ў Зябкі, а старых і дзяцей 26 красавіка 1944 года сабралі ў двух хатах і адрыне вёскі Шарагі і спалілі. Цяжка назваць дакладную колькасць ахвяр гэтай страшнай падзеі. Спецыяльная камісія, што менш чым праз год праводзіла следства па фактах ваенных злачынстваў гітлераўцаў, у выніковым акце ўказвае лік загінуўшых у Шарагах у памеры 200 чалавек.

Неабходна ўсведамляць, што настолькі жорсткія адносіны да мясцовага насельніцтва з боку акупацыйных улад былі вынікам спланаванай палітыкі вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва. У 1941 годзе нямецкім урадам быў распрацаваны Генеральны план “Ост” – сакрэтны план па правядзенні этнічных чыстак на тэрыторыі Усходняй Еўропы і яе нямецкай каланізацыі пасля перамогі над СССР. Згодна яму, пасля пераможнага завяршэння вайны з Савецкім Саюзам планавалася распачаць частковую “германізацыю” заваяваных славянскіх і іншых народаў. “Негерманізаваныя” павінны былі быць выселены ў Заходнюю Сібір або падвергнуты фізічнаму знішчэнню. Выкананне плана павінна было гарантаваць, што заваяваныя тэрыторыі набылі б незваротна нямецкі характар. План, як варта разумець, меў на ўвазе таксама “канчатковае рашэнне яўрэйскага пытання”, паводле якога яўрэі на акупаваных землях падлягалі татальнаму знішчэнню.

Што ж датычыцца беларускага народа, то па плану “Ост” было прадугледжана прымусовае высяленне з Беларусі 75% уласна беларускага насельніцтва; астатнія 25% падлягалі адпраўцы на працу ў Германію і далейшай “германізацыі” сярод нямецкага асяроддзя. Генеральны план прадугледжваў Заходнюю Сібір у якасці таго месца, куды будзе ажыццяўляцца перасяленне непрыдатных для асіміляцыі беларусаў, аднак, разглядаліся таксама і такія варыянты, як Урал і Паўночны Каўказ.

У той жа час трэба разумець, што сярод партыйнага кіраўніцтва нацысцкай Германіі, верагодна, існавалі і больш жорсткія погляды на будучыню славянскіх народаў, якія былі зведзены да статусу “ніжэйшай расы”. Такім чынам, у выпадку перамогі гітлераўскай Германіі ў Другой сусветнай вайне, магчыма, за высяленнем магло пачацца канчатковае вынішчэнне беларускай нацыі, само існаванне якой, у вачах нацыстаў, было падпарадкавана інтарэсам “Вялікай Германіі”.

Наша краіна панесла незлічоныя страты падчас той страшнай вайны; толькі на Глыбоччыне за тры акупацыйныя гады было забіта каля 10 000 мірных жыхароў. Захаванне памяці пра бязвінныя ахвяры нацызму – абавязак сучасных і будучых пакаленняў беларусаў.