Новыя паступленні экспанатаў у фонды школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Мінулае Залесчыны” за лета 2025 года
Заяц Крысціна, вучаніца 8-га класа, знайшла вельмі цікавы экспанат «Краткий молитвенник для православных воинов» 1881 г. Знойдзена гэта рэч у яе доме у в. Капыльшчына. Кішэнныя малітоўнікі такога тыпу выпускаліся і друкаваліся для салдат расійскай арміі (у дадзеным выпадку – кніжка датуецца перыядам праўлення імператара Аляксандра ІІІ). Знойдзены экспанат захаваўся амаль поўнасцю: тытул-вокладка і 7 лістоў (16 старонак) тэксту. Змест кніжкі – малітвы, у першую чаргу неабходныя для чытання і завучвання салдатамі ва ўмовах армейскай службы.
Належала гэта рэч, хутчэй за ўсё, аднаму з прадстаўнікоў роду Заяц Крысціны, магчыма – яе прапрадзеду.
Экспанат заняў сваё пачэснае месца ў экспазіцыі “Залесчына ў XVII-XIX ст.ст.” (аддзел “Першая сусветная вайна”).




Навойчык Юлія, вучаніца 8-га класа, у в. Запруддзе, у сваёй бабулі адшукала вельмі дастойны экспанат, які ўжо змешчаны ў музейнай тэматычнай экспазіцыі “Вялікая Айчынная”. Гэта юбілейны памятны настольны медаль, які быў адчаканены да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1974 годзе.
Медаль прадстаўляе сабою вялікі па дыяметру (60 мм ) латунны круг з выяваю жанчыны-беларускі з нацыянальным сцягам, фігур партызана і савецкага салдат на фоне даты “1944”. Падобнага тыпу юбілейныя памятныя настольныя медалі па гэтай тэматыцы з рознымі сюжэтамі шырока выпускаліся ў БССР у той памятны для гісторыі нашай краіны 1974 год. У школьным краязнаўчым музеі захоўваецца камплект медалёў такой жа тэматыкі з серыі “Никто на забыт, ничто не забыто”, меўшага шырокае распаўсюджванне і папулярнасць сярод нашага насельніцтва ў якасці памятных сувеніраў.

У вёсцы Залессе ў нежылым доме (гаспадароў няма) выпадкова адшуканы экспанат, які калісьці належаў Баравіку Паўлу Пятровічу, жыўшаму тут да 1992-га года. Жыхар в. Залессе, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Раней, калі яшчэ тут жыў яго сын Баравік Мікалай Паўлавіч, ён знайшоў і перадаў у дар школьнаму музею пасведчанні свайго бацькі аб узнагароджанні медалямі і ордэнам Айчыннай вайны І ступені за мужнасць і гераізм у баях. І вось яшчэ адна выпадковая, але вельмі знакавая знаходка…
Экспанат прадстаўляе сабою папку-узнагароду, выпушчаную ў 1970-ым годзе. Такімі памятнымі папкамі з тэкстам віншавання адзначалі ветэранаў, удзельнікаў вайны ў год святкавання 25-гадовага юбілею Перамогі.
На вокладцы папкі-узнагароды змешчана выява ордэна Перамогі, даты “1945-1970” і надпіс “XXV лет ПОБЕДЫ”. На развароце змешчаны віншавальны тэкст на імя Баравіка Паўла Пятровіча і вялікі фотаздымак манумента ў гонар Перамогі ў г. Мінску.
Копіі гэтых экспанатаў адпраўлены родзічам Баравіка Паўла Пятровіча, што жывуць на Глыбоччыне.
