Тапаніміка Залесчыны
Геаграфічныя назвы, іх паходжанне, гісторыя ўзнікнення цікавілі людзей заўсёды. У краязнаўстве вывучэнне тапанімікі сваёй мясцовасці з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў пошукавай работы.
Расшыфроўкай назваў сваёй мясцовасці займаецца навука – тапаніміка.
Даследчая праца рэсурснага цэнтра прысвечана вывучэнню і даследаванню тапанімікі Залесчыны. Большасць тапонімаў Залескага краю з’яўляюцца старажытнымі па паходжанню і даследаваць крыніцы, першаасновы гэтых назваў для нас, школьных краязнаўцаў, было вельмі важна.
У нашай працы мы ставілі перад сабой наступныя задачы:
- устанавіць найбольш старажытныя па гісторыі і паходжанню тапонімы Залесчыны;
- раскрыць іх семантыку, значэнне;
- расшыфраваць найбольш загадкавыя і таямнічыя тапанімічныя назвы Залесчыны.
Аб’екты даследавання – вёскі Залескага сельсавета, а таксама назвы мясцовасцей, азёр, рэчак, мясцін, з якімі звязаны легенды і паданні.
Метады даследавання – праца з тапаграфічнымі і гістарычнымі картамі Глыбоччыны, агляд і вывучэнне артыкулаў па тапаніміцы Глыбоччыны, уласныя гіпотэзы па гісторыі паходжання назваў.
Для таго, каб глыбей зразумець сэнс тапанімічных даследаванняў нашай тэрыторыі, мы ўдзельнічалі ў краязнаўчых вандроўках амаль што па ўсіх вёсках Залесчыны.
На тэрыторыі Залескага сельсавета размешчана 26 вёсак. Усе тапанімічныя назвы Залесчыны можна падзяліць па паходжанню на 5 семантычных груп:
- патронімы - назвы населеных кропак па прозвішчах першых жыхароў;
- гідронімы – назвы населеных кропак ад назваў рэк ці азёр;
- айконімы – назвы вёсак, якія маюць сваё паходжанне ад назваў раслін ці жывёл;
- назвы-арыенціры – па асаблівасцях тэрыторыі заснавання вёсак;
- прафесійныя тапонімы – па прафесійных якасцях насельнікаў.
Самы старажытны тапонім, дакладна вядомы з летапісаў, гэта вёска Залессе. Назва ўпамінаецца ў “Даравальнай грамаце Вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча…” за 1378 г. Тапонім Залессе – вельмі распаўсюджаная назва на Беларусі, тлумачыцца вельмі лёгка – месца за лесам. Але цікава тое, што ў мінулым на карце Залесчыны існавалі побач аж тры амаль аднолькавыя тапонімы: Залессе – цэнтр воласці, Залессе-Царкоўнае – частка вёскі Бушыкі з царквою, Залессе-Астроўна (або Двор Залессе) – сядзіба роду Корсакаў за 2 кіламетры ад нашага Залесся, дзе былі гаспадарамі таксама Корсакі.
З вёскай Залессе звязаны яшчэ адзін цікавы гістарычны тапонім: у 1860-ым годзе ў вёсцы Залессе з’яўляюцца 30 сем’яў старавераў, якім выдзелілі зямлю, далі забудавацца, і, такім чынам, у вёсцы ўзнікае яшчэ адна вёска – Нова-Аляксандраўка, названая так у гонар цара Аляксандра ІІ. У Нова-Аляксандраўцы нават існавала свая стараабрадніцкая царква. Цяпер гэты тапонім не існуе.
Шмат якія з тапонімаў Залесчыны маюць цікавую і старажытную гісторыю. Напрыклад, тапонім Гойлева – так называлі вёску пры дарозе паміж Бушыкамі і Кур’янавам. Вёска знікла з карты Залесчыны ў 1950-ых г.г., калі знішчалі хутарную сістэму і ўсе малыя вёскі аб’ядноўвалі ў адных кропках. Зараз ад Гойлева нічога не засталося, але з летапісаў мы даведваемся, што гэты тапонім узнік у 1618 годзе, калі там уладар Залесся пасяліў сваіх слуг Гайлаў, і гэта месца сталі называць Гайлава.
Рака Паловіца ўпамінаецца ў летапісах з 1387 года. На высокім беразе гэтай рэчкі размешчана вёска Паловіца. Назва нясе ў сабе сэнс “полае, нізкае месца”. Сапраўды, нават на фотаздымках бачна, у якіх нізінах і балоцістых месцах цячэ рака. Мы можам прывесці і такі незвычайны факт: менавіта якраз на тэрыторыі Залескага сельсавета, у басейне р. Паловіца, у 2-ух кіламетрах на поўнач ад в. Капыльшчына, знаходзіцца самае нізкае месца на Глыбоччыне – 130 метраў ніжэй узроўню мора. Гэта своеасаблівы прыродны рэкорд Залесчыны.
А, напрыклад, вёска Прытыкі скрывае ў сабе сэнс “упрытык”, што азначае “месца, якое ўшчыльную падыходзіла да межаў чужой зямлі” – лужэцкага памешчыка. Нават зараз вёска Прытыкі з’яўляецца апошняй вёскай Залесчыны на мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам: раздзяляе Прытыкі залескія і Лучайку лужэцкую маленькая рэчка Лучайка. У 1946 годзе назву вёскі Прытыкі хацелі змяніць як непрыгожую па гучанню і састарэлую.на тапонім Новае Сяло. Пазней – у Малінаўку. Прыжылася толькі апошняя назва. І то яна ўпамінаецца людзьмі толькі ў вуснай гаворцы.
Вялікае значэнне ў тапаніміцы маюць гідронімы – назвы рэк і азёр. У старажытнасці ўжо існавалі гідронімы Залескай зямлі. Назвы засталіся амаль нязменнымі з XIV стагоддзя: азёры Белае, Сеты (Гародня), Загорскае (Мураўшчына), Зубкоўскае або Карпінскае, Бярозаўскае (Астроўскае); рэчкі Дунайка, Паловіца, Бяловіца, Лучайка, Дабрылаўка.
Самым знакамітым даследчыкам тапанімікі Залесчыны мы лічым Язэпа Драздовіча. Дзякуючы яго “Дзённіку” мы ведаем незвычайнае гучанне такіх назваў нашых мясцін, як азёры Бялуша, Мурома, Астроўскае, Гародня, Нішкунцкае; вёска Зубцы. У Язэпа Драздовіча нашы тапонімы гучаць асабліва мілагучна і ласкава. Наогул, тапаніміка для Драздовіча адыгрывала вельмі важную ролю ў гісторыі. А мы кожную цытату Драздовіча бралі да ўвагі і рабілі свае даследчыя вынікі.
Вынікамі нашай даследчай работы можна лічыць наступнае:
- мы амаль што дакладна вывучылі сэнс існуючых зараз тапонімаў Залескага краю;
- добра вядома гісторыя паходжання і ўзнікнення асноўных старажытных тапанімічных назваў Залесчыны;
- добра вывучана гісторыя назваў азёр нашага краю;
- у рэсурсным цэнтры назапашаны картаграфічны матэрыял па тапаніміцы Залесчыны;
- намі здзейснена шмат краязнаўчых велападарожжаў па вёсках Залесчыны, дзе ўдзялялася ўвага вывучэнню асаблівасцей забудовы вёсак, месцам размяшчэння населеных кропак.
Шмат дапамаглі нам публікацыі па тапаніміцы ў газеце “Веснік Глыбоччыны”: такі матэрыял вельмі каштоўны для нас, як краязнаўцаў.
І яшчэ адзін цікавы факт адкрыўся пры даследаванні тапанімічных назваў Залесчыны. Пасля вайны па Глыбоччыне прайшла хваля перайменавання асобных назваў вёсак, якія палічылі непрыгожымі і састарэлымі. На Залесчыне прапаноўвалася перайменаваць аж чатыры вёскі. Аднак гэта акцыя не мела поспеху: вёскі захавалі свае гістарычныя назвы.
У нашай працы ўдзелена ўвага даследаванню назваў знікнуўшых вёсак і хутароў, якія існавалі на Залесчыне яшчэ ў часы Расійскай імперыі, аднак гэта далёка ня поўны спісак. У гэтым накірунку нам самым лепшым памочнікам з’яўляецца рукапісная кніга – летапіс нашай залескай царквы ў Бушыках, з якой давядзецца яшчэ працаваць, бо тут чакае вялізны аб’ём работы.
Даследаванні і папаўненне матэрыялаў рэсурснага цэнтра ў дадзеным накірунку будзе працягвацца.